Перайсьці да зьместу

БМВ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Баварскія маторныя заводы»
ням. Bayerische Motoren Werke
Выява лягатыпу
Тып акцыянэрнае таварыства[d]
Лістынг на біржы BMW[1] і BMW3[2]
Дэвіз Поўная ўцеха ад ваджэньня
Заснаваная 7 сакавіка 1916 (108 гадоў таму)
Заснавальнікі Франц Ёзэф Поп
Уласьнікі Stefan Quandt[d][3], Susanne Klatten[d][3] і BlackRock[d][3]
Краіна
Разьмяшчэньне
Адрас Мюнхэн, кола Пэтуэля, д. 130[5]
Ключавыя фігуры Олівэр Зіпс (старшыня Управы), Норбэрт Райтгофэр (старшыня Назіральнай рады)[6]
Галіна машынабудаваньне
Прадукцыя легкавы аўтамабіль, матацыкл, ровар
Абарачэньне 98,990 млрд € (2020)
Апэрацыйны прыбытак
Чысты прыбытак
Лік супрацоўнікаў
Даччыныя кампаніі Rolls-Royce Motor Cars[d], BMW Group Plant Dingolfing[d], Rolls-Royce Deutschland[d], BMW Group Classic[d], BMW M[d], Land Rover[d], BMW South Africa[d][8], BMW-Flugmotorenbau[d][9], Mini[d], BMW i[d] і Alpina[d]

«БМВ»[10] (ням. BMW) — нямецкі вытворца аўтамабіляў, матацыклаў ды ровараў, заснаваны ў 1916 годзе.

На 2021 год налічваў 31 завод і зборачную вытворчасьць у 15 краінах[11]. Аўтамабілі і матацыклы прадавалі пад таварнымі знакамі «БМВ», «Міні» і «Ролс-Ройс» у 140 краінах[12]. На 2011 г. канцэрн закупаў шэраг запчастак для сваіх аўтамабіляў у Беларусі[13]. У Паўночнай Амэрыцы ды некаторых іншых рэгіёнах машыны і матацыклы BMW часам клічуць «бімер». Зборка аўтамабіляў на канвэерах вядзецца ўручную.

Вытворчасьць і паслугі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год «Баварскія маторныя заводы» штодня прымалі каля 7000 марскіх кантэйнэраў з 31 млн аўтавузлоў. 22 уласныя заводы працавалі ў 11 краінах:

На сакавік 2021 году электрамабіль «БМВ і3» выраблялі на 13 заводах. Акумулятарныя батарэі для яго выпускалі на 6 заводах у Дзінгольфінгу, Ляйпцыгу і Рэгенсбургу ў Нямеччыне, а таксама ў Спартанбургу (ЗША), Шэньяне (Кітай) і Раёнгу (Тайлянд)[15]. Сярод іншага, супольніцкія аўтазаводы дзейнічалі ў 4-х краінах — Інданэзіі (Джакарта), Малайзіі (Кулім, штат Кедах), Расеі (Калінінград) і Эгіпце (Каір). У бразыльскім Манаўсе таксама дзейнічаў супольніцкі завод матацыклаў. Кантрактныя вытворчасьці працавалі ў Аўстрыі (Грац) і Нідэрляндах (Борн, правінцыя Лімбург)[14].

Яшчэ існавала 8 сядзібаў тэхналёгіяў у 7 краінах, зь іх 2 у ЗША (Грынвіл, штат Джорджыя і Маўнтын-Вію, штат Каліфорнія) і 5 у 5 краінах Азіі — Ізраілі (Тэль-Авіў), Кітаі (Шанхай), Паўднёвай Карэі (Сэул), Сынгапуры і Японіі (Токіё)[16]. Таксама ў Гархінгу пад Мюнхэнам дзейнічаў «Паскаральнік БМВ» для 3-месячнага выпрабаваньня прататыпаў[17]. Каля 8000 фінансавых супрацоўнікаў «БМВ» вялі звыш 4 млн пазыковых і лізінгавых дамоваў у 60 краінах. Зь іх 80 % фінансістаў працавала за межамі Нямеччыны. У 2020 годзе фінансісты «БМВ» забясьпечылі збыт кожнага 2-га аўтамабіля «БМВ» і «Міні»[18]. За 2020 год даччыная «Фабрыка дызайну» ў ЗША (Ньюбэры Парк, штат Каліфорнія) распрацавала 275 праектаў для авіяцыі, чыгункі і спажывецкай электронікі[19]. Сетка зарадкі электрамабіляў «БМВ» налічвала каля 150 000 электраслупоў магутнасьцю ад 11 да 50 кіляват[20].

На 30 чэрвеня 2021 году найбольшымі ўласьнікамі паёў акцыянэрнага таварыства «Баварскія маторныя заводы» былі: ТАА «Доля Сусаны Клятэн» (Бад-Гомбург, зямля Гэсэн) — 20,7 %, ТАА «Актон» (Бад-Гомбург) — 16,6 %, АТ «Актон» (Бад-Гомбург) — 9 %, Штэфан Квант і Сусана Клятэн — па 0,2 %. У вольным абарачэньні на «Франкфурцкай біржы» знаходзілася 53,2 % паёў. Сярод іх ва ўстановаў Эўропы знаходзілася 53,3 % паёў у біржавым абарачэньні, у тым ліку 19,6 % ва ўстановаў Брытаніі, 12,9 % — Нямеччыны, 7,1 % — Францыі і 3,3 — Нарвэгіі. На ўстановы Паўночнай Амэрыкі прыпадала 40 %, зь іх 35,8 % — на ЗША і 4,2 — на Канаду. Яшчэ 4,8 % належалі ўстановам Азіі, у тым ліку 1,9 % — Японіі і 1,6 % — Кітаю[21].

У 1913 годзе нямецкі канструктар Карл Рап заснаваў у Мюнхэне ТАА «Маторны завод Рапа», які ў 1917 годзе перайменаваў у «Баварскі маторны завод». Першым кіраўніком БМВ быў аўстрыйскі інжынэр Франц Ёзэф Поп, які арганізаваў вытворчасьць авіяцыйных рухавікоў на заводзе Рапа[22]. У 1918 годзе завод стаў акцыянэрным таварыствам і пачаў вырабляць чыгуначныя тармазы і рухавікі замест самалётных рухавікоў. У 1920 годзе прадпрыемства прадалі АТ «Кнорскі тормаз». Але фінансіст Камільлё Касьцільёні набыў абсталяваньне заводу і яго бела-блакітны таварны знак. У 1922 годзе вытворчасьць рухавікоў перанесьлі на лётнішча «Баварскага самалётнага заводу», які 7 сакавіка 1916 году заклаў канструктар Густаў Ота пад назвай «Фабрыка лятальных машынаў»[23]. У 1923 годзе «БМВ» пачаў выпускаць матацыклы «Р 32» з разьмешчанымі ўздоўж цыліндрамі і карданным валам. У 1928 годзе сталі вырабляць легкавыя аўтамабілі[10] пасьля набыцьця «Айзэнаскай фабрыкі аўтамабіляў» у Турынгіі. У 1929 годзе «БМВ» упершыню скарыстаў эмблему зь дзяржаўнымі колерамі Баварыі ў рэкляме і выпусьціў малалітражны аўтамабіль паводле ліцэнзіі «Остынскай маторнай кампаніі» (Лонгбрыдж, Ангельшчына). У 1932 годзе перайшлі на вытворчасьць аўтамабіляў уласнага ўзору[23]. У 1933 годзе «БМВ» аднавіў вытворчасьць самалётных рухавікоў, якую ў 1934 годзе вылучылі ў даччынае ТАА «Авіяцыйнае маторабудаваньне БМВ». Звыш паловы продажаў стала прыпадаць на самалётныя рухавікі для Паветраных сілаў Нямеччыны. У 1933 годзе продажы склалі 35,56 млн дзяржаўных марак пры 6514 працаўніках. У 1936 годзе заснавалі ТАА «Айзэнаская фабрыка авіярухавікоў». Таксама стварылі «Аляскую фабрыку авіярухавікоў» на паўночны захад ад Мюнхэну, паі якой у 1938 годзе перадалі дзяржаўнаму ТАА «Палётная кантора» ў Бэрліне[24].

У 1937 годзе «БМВ» пачаў вытворчасьць авіярухавікоў «БМВ 132» з паветраным астуджэньнем. У 1938-м іх сумесную з «Сымэнсам» вытворчасьць разьмясьцілі на «Брандэнбурскім маторным заводзе» ў заходнебэрлінскай акрузе Шпандаў. У 1939 годзе «БМВ» выкупіў завод, які перайменавалі «Авіяматорны завод Брандэнбургу». Таксама ў выніку набыцьця да «БМВ» перайшоў завод у Басдорфе на поўнач ад Бэрліну. У 1938—1940 гадах выпускалі легкавы аўтамабіль «БМВ 325». У 1939 годзе продажы вырасьлі да 275,5 млн дзяржаўных марак пры 26 918 працаўніках. У сьнежні 1939 году для прымусовай працы на заводзе ў Айзэнаху прывезьлі польскіх ваеннапалонных. З 1940 году пачаўся выпуск авіярухавікоў «БМВ 801». Таксама насупраць Басдорфу ўзьвялі завод у Зюльсдорфе, які ў 1941 годзе злучылі ў Басдорфскім заводам у ТАА «Ніжнебарнімскі завод авіярухавікоў». Да 1941 году для Ўзброеных сілаў Нямеччыны выраблялі матацыкл «БМВ Р 75». З 1941 году да прымусовай працы сталі прыцягваць вязьняў Ахоўных атрадаў. У 1942-м да працы на «БМВ» пачалі прымушаць вязьвяў канцэнтрацыйных лягераў. Пагатоў, заводы ў Аляху і Дзюрэргофе (пад Айзэнахам) мелі ўласныя канцлягеры. Да 1943 году выпускалі рухавікі БраМа 323 «Фафнір». У 1944 годзе пачалі выпускаць рэактыўныя рухавікі «БМВ 003», а гадавыя продажы дасягнулі 750 млн дзяржаўных марак пры 56 213 працаўніках. На сьнежань 1944 году каля 29 000 усходнеэўрапейскіх нявольнікаў складалі звыш 50 % працаўнікоў «БМВ», сярод якіх былі і беларусы. Іх працоўны дзень займаў 12 гадзінаў[24].

У 1945 годзе на заводах у Бэрліне і Мільбэртсгофэне на поўнач ад Мюнхэну перайшлі да вытворчасьці побытавых прыладаў. У кастрычніку 1945 году Вайсковы ўрад Амэрыканскай зоны акупацыі Нямеччыны закрыў заводы ў Мюнхэне і Аляху. У сакавіку 1948 году «БМВ» пачаў выпуск матацыклаў «Р 24», а сэрыйную вытворчасьць у сьнежні. За 1949 год прадалі 9144 матацыклы. У 1952-м сталі вырабляць 6-цыліндровы сэдан «БМВ 501» на 6 чалавек. У 1960 годзе Гэрбэрт Квант пашырыў сваю долю ў «БМВ» і стаў кіраўніком прадпрыемства. На Франкфурцкім аўтапаказе 1961 году прадставілі кампактны 4-дзьверны сэдан «БМВ 1500». У 1967 годзе набылі ТАА «Ганс Глас», якому належалі аўтазаводы ў Дынгольфінгу і Ляндсгуце на поўдні Баварыі. У выніку разбудовы завод Дынгольфінгу стаў найбольшым заводам «БМВ». У 1969 годзе вытворчасьць матацыклаў перамясьцілі на бэрлінскі завод у Шпандаў. У 1971 годзе стварылі ТАА «Крэдыт БМВ» для выдачы пазыкаў дылерам і лізінгу аўтамабіляў, што стала вызначальным у посьпеху збыту. У 1972 годзе ўправа «БМВ» набыла першую зборачную вытворчасьць за мяжой, якую разьмясьцілі ў Паўднёвай Афрыцы. Яе выкупілі ў мясцовага імпартэра ў Росьліне, што ў правінцыі Трансвааль на паўночны захад ад Прэторыі. На гэтым заводзе наладзілі выпуск «БМВ 2000». 1 траўня 1972 году заснавалі даччынае ТАА «Мотаспорт БМВ». 18 траўня 1973 году на поўначы Мюнхэна адчынілі новую галаўную сядзібу «БМВ» у выглядзе 4-цыліндровай вежы. У 1973 годзе заснавалі 1-е замежнае гандлёвае прадстаўніцтва ў Францыі і стварылі ТАА «Лізінг БМВ». У 1979-м у Аўстрыі стварылі завод «Штайрскія рухавікі БМВ» (зямля Верхняя Аўстрыя) сумесна з АТ «Штайрскі Даймлер-Пюх». У 1980 годзе на заводзе пачалі зборку дызэльных рухавікоў. У 1982-м «БМВ» цалкам выкупіў гэты завод, які перайменаваў у ТАА «Рухавікі БМВ». У 1985 годзе заснавалі канструктарскае ТАА «Тэхніка БМВ», дзе распрацавалі дарожнік «БМВ З1». Яго сэрыйную вытворчасьць пачалі з 1988 году. У 1987-м адчынілі завод у Обэртраўблінгу на поўнач ад Рэгенсбурга для вытворчасьці аўтамабіляў «БМВ» 3-й сэрыі. У 1988 годзе «Лізінг БМВ» і «Крэдытны банк БМВ» злучылі «Банк БМВ». 27 красавіка 1990 году «БМВ» стаў 1-м у сьвеце аўтавытворцам, які адчыніў уласны 9-павярховы «Цэнтар дасьледаваньняў і інавацыяў» («ЦДІ») на 7000 дасьледнікаў, дызайнэраў, інжынэраў і канструктараў. У 2004 годзе да яго дадалі Праектны дом, пасьля чаго плошча «ЦДІ» дасягнула 1,2 га, а лік яго супрацоўнікаў склаў 9000 чалавек[23].

У 1991 годзе «БМВ» набыў большасьць паёў «Фабрыкі дызайну ЗША» ў Каліфорніі (Ньюбэры Парк, акруга Вэнтура), якая ў 1998 годзе распрацавала вонкавы дызайн «БМВ» 3-й сэрыі. У 2000 годзе «Фабрыка дызайну ЗША» адчыніла студыю ў Мюнхэне, дзе распрацавала дызайн «БМВ» Х1, Х3 і Х5, а ў 2012-м — у Шанхаі (Кітай)[19]. У 1995 годзе кожны 3-і новы аўтамабіль «БМВ» у Нямеччыне прадалі і здалі ў наём праз «Банк БМВ», які ў 1997 годзе стварыў анлайн-пляцоўку «Экстранэт» для дылераў[18]. У 1994 годзе «БМВ» набыў ангельскі аўтахолдынг «Ровэр» (Лонгбрыдж). У 2000 годзе пасьля продажу аўтахолдынгу «БМВ» пакінуў сабе яго таварны знак «Міні», пад якім улетку 2001 году выпусьціў аўтамабіль «Міні 1» і «Міні Купэр»[25]. У сакавіку 1998 году «БМВ» заснаваў ТАА «Аўтамабілі Ролс-Ройс» у Ангельшчыне (Ўэстхампнэт, графства Заходні Сасэкс) пасьля набыцьця таварнага знаку ў авіяхолдынга «Ролс-Ройс» (акруга Ісьлінгтан, графства Вялікі Лёндан). У студзені 2003 году на ангельскім заводзе ў Гудўудзе пачалі выпускаць аўтамабілі «Ролс-Ройс». 10 студзеня 1999 году на Дэтройцкім аўтапаказе ў ЗША (штат Мічыган) прадставілі «БМВ Х5», які даў пачатак аўтамабілям спартовай дзейнасьці[26].

На 30 красавіка 2011 г. найбольшымі пайшчыкамі былі Штэфан Квант (17,4%), яго маці Ёгана Квант (16,7%) і сястра Сусана Клятэн (12,6%). У 2012 годзе вырабіў 1 861 826 аўтамабіляў, у тым ліку 1 547 057 (83,1%) пад аднайменным таварным знакам, 311 490 (16,7%) Mini, 3279 (0,2%) Ролс-Ройсаў і 125 284 матацыклаў. Прадаць удалося 1 845 185 аўто, у тым ліку 1 540 085 (83,5%) пад аднайменным ТЗ, 301 525 (16,3%) Mini ды 3575 (0,2%) Ролс-Ройсаў, і 117 109 матацыклаў. У 2013 годзе выручка «БМВ» упала да 76 млрд эўра, а чысты прыбытак вырас да 5,34 млрд эўра. На канец 2013 году прадпрыемства налічвала 110 351 працаўніка. Ад 2015 году старшыня Назіральнай рады — Норбэрт Райтгофэр[6]. Ад 16 жніўня 2019 году старшынёй управы БМВ зьяўляецца Олівэр Зіпс[27]. На сьнежань 2019 году холдынг «БМВ» налічваў 126 016 працаўнікоў[28]. За 2020 год продажы ўпалі да 2 325 179 аўтамабіляў, зь іх 87,2 % (2 028 841) пад таварным знакам «БМВ», 12,6 % (292 582) — «Міні» і 0,2 % (3756) — «Ролс-Ройс». Продажы матацыклаў скараціліся да 169 272 адзінак[29].

  1. ^ BMW AG StФранкфурцкая фондавая біржа.
  2. ^ BMW AG VzФранкфурцкая фондавая біржа.
  3. ^ а б в https://portal.mvp.bafin.de/database/AnteileInfo/aktiengesellschaft.do?cmd=zeigeAktiengesellschaft&id=40000924#
  4. ^ https://www.bmwgroup.com/en/general/imprint.html
  5. ^ Выхадныя зьвесткі (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  6. ^ а б Кіраўніцтва прадпрыемства (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 1 верасьня 2024 г.
  7. ^ а б в annual report — 2023.
  8. ^ BMW South Africa // Архівы прэсы XX стагодзьдзя — 1908.
  9. ^ BMW-Flugmotorenbau GmbH // Архівы прэсы XX стагодзьдзя — 1908.
  10. ^ а б БМВ // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. — С. 199.
  11. ^ Прадпрыемства (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  12. ^ Галіны занятасьці (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  13. ^ Леанід Лахманенка. Ё-заводы і іншыя аўтамабільныя аспэкты Мытнага саюза // Зьвязда : газэта. — 10 сакавіка 2011. — № 44 (26908). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  14. ^ а б Вытворчасьць (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  15. ^ Вытворчасьць электрамабіляў (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  16. ^ Тэхнасядзібы (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  17. ^ «Паскаральнік БМВ» (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  18. ^ а б Фінансавыя паслугі холдынга (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  19. ^ а б «Фабрыка дызайну» (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  20. ^ Электразарадка (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  21. ^ Паі «БМВ» (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  22. ^ Franz Josef Popp (ням.) Biografie WHO'S WHO Праверана 1 верасьня 2024 г.
  23. ^ а б в Гісторыя (летапіс) (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  24. ^ а б «БМВ» за часам нацыянал-сацыялізму (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  25. ^ Таварны знак «Міні» (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  26. ^ Таварны знак «БМВ» (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  27. ^ BMW-Group-Report-2021 Архіўная копія ад 3 красавіка 2022 г.
  28. ^ Месцы разьмяшчэньня (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.
  29. ^ Ключавыя лічбы прадпрыемства (ням.) // Холдынг «Баварскія маторныя заводы», 2021 г. Праверана 10 сьнежня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]